АДНАМЕ́РНАГА ЧАЛАВЕ́КА КАНЦЭ́ПЦЫЯ,

найбольш поўнае выражэнне «крытычнай тэорыі грамадства», звязанай з даследаваннямі сац. канфармізму і сац.-псіхал. тыпаў асобы. Назва ад кнігі заснавальніка гэтай канцэпцыі Г.Маркузе «Аднамерны чалавек. Нарысы ідэалогіі высокаразвітога індустрыяльнага грамадства». Істотную ролю ў станаўленні канцэпцыі адыгралі ідэі З.Фрэйда, В.Райха, Т.Адорна, Э.Фрома і інш. даследчыкаў механізмаў адчужэння чалавека.

Аднамернасць як разбурэнне чалавечай суб’ектыўнасці Маркузе звязваў з развітой індустрыяльнай цывілізацыяй, рэпрэсіўным уздзеяннем тэхнікі на духоўны свет асобы. «Аднамерны чалавек» — канфарміст, які поўнасцю інтэграваны ў «сістэму», лёгка паддаецца маніпуліраванню, яго адносіны да свету павярхоўныя, некрытычныя, схільнасці і патрэбы скажоны прынцыпам прадукцыйнасці, што выклікае спажывецкую арыентацыю. Аднамернасці проціпастаўляецца двухмернасць чалавека, якая дапускае наяўнасць унутранага свету асобы, здольнасць яе крытычна ставіцца да ўмоў свайго існавання і самаўдасканальвацца.

Літ.:

Баталов Э.Я. Философия бунта. М., 1973;

Marcuse H. One — demensional man. London, 1991.

А.В.Рубанаў.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)